Метадыст раа Надзея Іванаўна Кацуба ўручыла ўзнагароды (у ліку дыпламантаў былі юныя аматары паэтычнага слова Мікіта Гнедзька і Павел Сыцін, якія занатаваны на здымках, – як і настаўніца СШ №1 г. Лунінца Валянціна Фёдараўна Шэўчык).
Вучні і педагогі сталі ўдзельнікамі традыцыйнага свята ў Лунінскай СШ. Аб вялікай падрыхтоўчай рабоце сведчылі і мастацкае афармленне школы (ад вестыбюлю да залы), і ўсхваляванасць юных і дарослых гаспадароў. Мясцовыя дзеці, узначальваемыя “Каралевай восені-2017”, сустракалі гасцей спевамі і танцамі, духмяным караваем, а галоўнае – сардэчнымі пачуццямі. Шчырасць прасякала і кароткі экскурс у папярэднія літаратурныя сустрэчы, і паэтычную эстафету ў знаёмстве са школьным краязнаўчым кутком, выставамі кніг і мастацкіх вырабаў.
Шчымлівая нота памяці аб ініцыятары “Лунінскай восені” – Мікалаі Елянеўскім (1948-2013) – суправаджала ўсіх прысутных ад уваходу ў школу, дзе ўсталявана мемарыяльная дошка, да актавай залы, дзе ўдава пісьменніка дзякавала калектыву за ўвекавечанне імя заўчасна пайшоўшага мужа...
Як падарункі для творчых вучняў і настаўнікаў гучалі выступленні вядомых літаратараў – Анатоля Крэйдзіча, Андрэя Мазько, Марыі Кобец. Галоўны рэдактар “Лунінецкіх навін” Таццяна Вайцяхоўская запэўніла, што на раённым узроўні падтрымае намаганні калектыву па прысваенню школе імя Мікалая Елянеўскага.
Натхнёнасць вершамі і ўспамінамі, асаблівая духоўная атмасфера праграмы прымусіла заўважыць, што сустрэча нездарма адбывалася 2 снежня – у дзень, калі ў праваслаўных храмах маліліся памяці свяціцеля Філарэта, мітрапаліта Маскоўскага. Гэта імя непарыўна звязана с Аляксандрам Пушкіным. 26-гадовым, расчараваўшыся ў жыцці, паэт напісаў:
Дар напрасный, дар случайный,
Жизнь, зачем ты мне дана?..
Пессімізм творцы не пакінуў абыякавым высокую духоўную асобу. У тым жа часопісе ён даў публічны адказ паэту:
Не напрасно, не случайно
Жизнь от Бога нам дана…
За наступныя 10 год Аляксандр Пушкін напісаў самыя значныя свае творы, за што і ўганараваны тытулам “наша ўсё” ў рускай літаратуры. Удзячнасць Філарэту, мітрапаліту Маскоўскаму, за настаўленне на сапраўдны шлях паэт выказаў таксама геніяльна, як і многія іншыя ісціны:
Твоим огнем душа согрета
Отвергла мрак земных сует…
Удзельнікам літаратурнага свята хацелася пажадаць такіх жа духоўных настаўнікаў. Для кожнага гэта могуць быць не толькі родныя ці педагогі. Ёсць асветнікі – Францыск Скарына, якога ўшаноўвалі з нагоды 500-годдзя нацыянальнага кнігадрукавання; ёсць класікі беларускай літаратуры – Янка Купала і Якуб Колас, 135-годдзе якіх адзначалі сёлета; ёсць сучасныя пісьменнікі. Святочныя ўражанні няхай увасобяцца ў новыя творы, што, магчыма, прагучаць на “Лунінскай восені-2018” – запрашэнне ўдзельнікі цяперашняй сустрэчы ўжо атрымалі...
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.