Калі філалогія і гісторыя крочаць побач…
Трэба прызнаць, што пытанне занятасці вучняў у вольны ад навучання час зараз стаіць вельмі востра, і хвалюе яно не толькі настаўнікаў, але і бацькоў выхаванцаў, бо ўсім хочацца выцягнуць маладых людзей з палону сацыяльных сетак у жыццё рэальнае і акаляючае. Вось і вырашылі на бацькоўскім сходзе ў 8 “Б” класе ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Лунінца”, што падлеткаў трэба прыцягнуць да ўдзелу ў нейкай карыснай дзейнасці, якая прынясе свой плён яшчэ і ў іх будучыні. Як вынік – распачаты доўгатэрміновы праект “Гістарычная азбука Лунінеччыны”.
Сэнс названага вышэй праекта заключаецца ў тым, што для вучняў разам з бацькамі праводзіцца шэраг экскурсій па выбітных мясцінах нашай малой радзімы, падчас якіх экскурсаводамі выступаюць настаўнік-філолаг і настаўнік-гісторык, якія дуэтам расказваюць экскурсантам розныя цікавыя звесткі, звязаныя з гісторыяй, мовай і літаратурай. Для падсумавання праведзенай работы плануецца стварыць інтэрактыўную праграму пад аднайменнай назвай “Гістарычная азбука Лунінеччыны”, кожная літара якой будзе першай літарай наведанай мясціны.
Стартавай кропкай нашай “Азбукі” стаў горад Мікашэвічы – самы дальні населены пункт з плануемых для наведвання, дзе пачалося ўсё з аглядавай экскурсіі. І невыпадкова: у 2024 годзе Мікашэвічы прымалі абласное свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі – Дажынкі! Шмат чаго новага можна было ўбачыць пасля яго правядзення: шматлікія фотазоны, гандлёвыя цэнтры, паркі і скверы… Асабліва ўразілі бацькоў і вучняў муралы на фасадах жылых шматпавярховых дамоў! Улічваючы той факт, што адначасова рабятам было паведамлена пра гісторыю ўтварэння горада, яго літаратурную спадчыну, гранітны кар’ер, можна ўявіць іх эмоцыі.
Потым быў помнік воінам-інтэрнацыяналістам, плошча імя Каржа, царква Раства Іаана Прадцечы… А таксама звесткі пра паходжане славян, гісторыя пра фанерную фабрыку, вядомую ў пачатку XIX стагоддзя на ўсю Еўропу, ваенную тэхніку, што выкарыстоўвалася ў Афганістане, прозвічы вызваліцеляў ад фашысцкіх захопнікаў, сувязь Мікашэвічаў з Салігорскім раёнам, літаратара Нядзвецкага, вынікі раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд…
Нават бацькі юных экскурсантаў прызналі, што ўбачылі Мікашэвічы з новага, невядомага раней боку. Карысць перамагла, а сацыяльныя сеткі папоўніліся новымі фотаздымкамі. Будзе новы час – і новыя экскурсіі. І новыя карысныя звесткі…
Настаўнік беларускай мовы і
літаратуры ДУА “Сярэдняя
школа №1 г. Лунінца” Кіслюк
Андрэй Мікалаевіч


