Сярод ганаровых гасцей літаратурнага свята была ўнучка Якуба Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч, якую добра ведаюць у шэрагу ўстаноў адукацыі раёна. Упершыню знаёміліся са школамі горада старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Анатольеўна Дземідовіч і пісьменнік Анатоль Арцёмавіч Брытун, хаця наш край вядомы ім па наведванню літаратурнага фестывалю “Лунінская восень”.
Адметнае месца горада – СШ №1 г. Лунінца. Раней тут знаходзілася пачатковае народнае вучылішча, дзе 110 год таму Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч “рэпетыраваў” дзяцей мясцовых чыгуначнікаў. З дапамогай педагогаў вучні нагадалі аб тагачасных падзеях, а элементы тэатралізацыі дазволілі “самому” класіку нацыянальнай літаратуры пачуць свае творы ў выкананні юных сучаснікаў.
Да коласаўскіх адрасоў Лунінца (захаваліся некалькі будынкаў, дзе ў свой час апальнага настаўніка К.М. Міцкевіча прымалі сваякі яго сакурсніка Вікенція Антонавіча Філіповіча) дадалася СШ №2 г. Лунінца. У праекце “Літаратурная Лунінеччына”, што педагогі і вучні ствараюць разам з рэдакцыяй раённай газеты “Лунінецкія навіны”, адзін са стэндаў адлюстроўвае старонкі біяграфіі народнага песняра і творчых асоб, якія мелі стасункі з класікам нацыянальнай літаратуры.
Школа сустракала музычным прывітаннем вакальнага ансамбля “Планета дзяцей”, вершамі юных паэтаў, філалагічнай экскурсіяй. Да гасцей з Мінска і Брэста далучыліся настаўнікі-беларусазнаўцы з лунінецкіх гімназіі, СШ №3 і №4, школ Багданаўкі і Сінкевічаў. Яны набылі кнігу “Табой я жыў. Табой жыву…”, прысвечаную жонцы Якуба Коласа – Марыі Дзмітрыеўны Каменскай, якая аказала велізарны ўплыў на станаўленне мужа як творцы. Прыгожа аформленае выданне, што называюць “падручнікам сямейнага выхавання”, стала больш каштоўным дзякуючы аўтографу Веры Міцкевіч – разам са сваёй пляменніцай Васілінай Міцкевіч (праўнучкай народнага песняра) яна была складальніцай чарговай навінкі ад РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”.
Анатоль Брытун, які прысвячае свае творы шанаванню каштоўнасцей роду і нацыі, да гэтага заклікаў і рознаўзроставую аудыторыю. Таццяна Дземідовіч шчыра захаплялася юнымі і дарослымі лунінчанамі, якія занатоўваюць адметнасці малой радзімы як значнай часткі духоўна-літаратурнага багацця Беларусі.
Сімвалічна, што “Лунінецкія Каласавіны” праводзіліся напярэдадні прафесійнага свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Стварыўшы гімн “Новай зямлі”, Якуб Колас перадаў нашчадкам столькі любові, што застаецца ўсвядоміць: толькі аддаўшы справе свае сэрца, зможаш пакінуць дабратворны след, уславіць “родны кут”, дзе Богам было наканавана нарадзіцца.
Восеньскія кветкі ўскладзены да помніка Якубу Коласу з удзячнасцю за вечную простую ісціну, увасобленую паэтычным радком: “Зямля – аснова ўсёй Айчыне”…
Таццяна Канапацкая (Лунінец). Фота Таццяны Канапацкай (Дзятлавічы).